“Надзейка"
Задачы: Практыкаваць ва ўменні ўзгадняць рухі са словамі песні; развіваць пачуцце сяброўства; выхоўваць калектывізм.
Правілы: Дзеці павінны дакладна выконваць дзеянні, якія паказвае Надзейка.
Змест:
Па лічылцы дзеці выбіраюць Надзейку. Астатнія становяцца ў круг і загадваюць:
Ты, Надзейка , раскажы,
Спрытна ўсім нам пакажы,
Як бабулі скачуць.
Надзейка выконвае танцавальныя рухі і адказвае:
Вось так. Вось так –
Так бабулі скачуць.
Дзеці загадваюць:
Ты, Надзейка, раскажы,
Спрытна ўсім нам пакажы.
Як сяброўкі скачуць.
Надзейка танцуе і адказвае:
Вось так. Вось так –
Так сяброўкі скачуць
Дзеці загадваюць:
Ты, Надзейка, раскажы,
Спрытна ўсім нам пакажы.
Як козлікі скачуць.
Надзейка адказвае:
Вось так. Вось так –
Так козлікі скачуць.
Потым яна запрашае скакаць усіх дзяцей разам з ею.
“Адгадай, чый галасок"
Задачы: развіваць увагу на слых, памяць.
Правілы: дзіця не мае права адкрываць вочы да таго часу, пакуль не закончыцца песня. Словы «скок, скок, скок» гаворыць ці спявае iгpок, на якога пакажа выхавальнік.
Змест:
дзеці ўтвараюць круг. Адзін з iгpaкoў становіцца пасярэдзiне яго i закрывае вочы. Дзеці гавораць:
Сталі у круг, i — раз! два! тры!
Павярнуліся, сябры!
На апошнія словы ўсе паварочваюцца вакол сябе i спяваюць:
А як скажам — скок, скок, скок...
Словы «скок, скок, скок»— спявае ці гаворыць той, каму загадзя прапанаваў выхавальнік.
Адгадай, чый галасок?
Гэтыя словы спяваюць усе дзеці.
Дзіця, што стаіць у цэнтры з закрытымі вачамі, павінна адгадаць, хто праспяваў словы «скок, скок, скок». Той, каго пазналі, ідзе на сярэдзіну круга.
“Вожык і мышы"
Задачы: Развіваць хуткасць бегу, спрыт, вынослівасць, рашучасць.
Правілы: Злоўленай лічыцца тая мышка, да якой вожык дакранаецца рукой.
Змест:
Па лічылцы выбіраецца вожыкі 6-7 мышэй. Астатнія становяцца ў круг, вожык – у сярэдзіне. Па сігналу дзеці ідуць управа, вожык – улева. Дзеці дэкламуюць:
Бяжыць вожык. Тупу-туп!
Сам калючы, востры зуб!
Вожык, вожык, ты куды?
Ад якой бяжыш бяды?
Пасля гэтых слоў усе спыняюцца. Да вожыка падыходзіць адзін з удзельнікаў:
Вожык ножкамі туп-туп!
Вожык вочкамі луп-луп!
Навакол пануе ціш,
Вожык чуе ў лісцях мыш.
Вожык асцярожна ходзіць, прыслухоўваецца. Мышы ў гэты час бегаюць за кругам. Дарослы гаворыць:
Бяжы, бяжы, вожык!
Не шкадуй ты ножак!
Ты лаві сабе мышэй,
Не чапай толькі дзяцей!
Мышы забягаюць у круг, вожык іх ловіць. Той, каго злавілі, прысядае. Калі 3-4 мышкі злоўлены, гульня заканчваецца.
“Грушка"
Задачы: удасканальваць навыкі бегу з выкрутамі, уменне хутка арыентавацца ў навакольным.
Правілы: Дзеці павінны дакладна выконваць дзеянні
Змест:
Дзеці ўтвараюць круг, у сярэдзіне якога знаходзіцца дзяучынка ці хлопчык. Гэта i ёсць «грушка». Дзеці ідуць у карагодзе вакол гpyшкi i спяваюць:
Мы пасадзім грушку
Усе, усе,
Няхай наша грушка
Расце, расце.
Вырасці ты, грушка,
Вось такой вышыні,
Распусціся, грушка,
Вось такой шырыні.
Расці, расці, грушка,
Ды у добры час.
Патанцуй,- Марылька,
Паскачы для нас.
А ужо наша грушка
Распусцілася,
А наша Марылька
Зажурылася.
А мы тую грушку
Весяліць будзем.
I з нашай Марылькай
Скакаць будзем.
На словы «I з нашай Марылькай скакаць будзем» дзеці падыходзяць да грушкі i выконваюць разам з ей танцавальныя pyxi.