Ой, ладачкі-ладкі,
Надышлі Калядкі.
Мы дзеля Калядак
напяклі аладак.

Дралі дробнай таркаю
дранікі духмяныя.
Хочаш – еш са скваркаю,
хочаш – са смятанаю.
Вось вам, калі ласка,
з жэрдачкі каўбаска.
Вось кавалак пірага,
каб не брала вас туга.

Ой, ладачкі-ладкі!
І мядок салодкі
да лясной гарбаткі
наліем у сподкі.
І запахне рутай,
верасам, чаборам,
каб зімою лютай
нам не знацца з горам.

Бярыце з талеркі
лізунцы, цукеркі!

Ешце ўволю, ешце,
Ды не псуйце зубкі…
Песняй нас пацешце,
галубкі, галубкі!

Бохан – поўняй яснаю,
яйкі, бульба, скваркі.
Гэта ўсё – з уласнае
нашай гаспадаркі.

Калі вам прысмакі
прыйдуцца да смаку,
прынясіце Богу
шчырую падзяку.

Ой, ладачкі-ладкі –
Пляскаем у ладкі!
Ой, ладачкі-ладкі –
Святкуем Калядкі!

Артур Вольскі

Данута Бічэль-Загнетава.

Белыя нівы,

Белыя далі,

Белыя бабы

Пад вокны пасталі.

Белыя стрэхі

На кожнай хаціне.

Белая елка

У цеплай хусціне.

На рэчцы зімою

Не сядзіцца ў хаце хлопчыку малому:

Кліча яго рэчка, цягнуць санкі з дому.

– Мамачка-галубка! – просіць сын так міла.

– Можа б, ты на рэчку пагуляць пусціла?

Я не буду доўга, зараз жа вярнуся,

Трошачкі на рэчцы ў санках паважуся.

– Ну, ідзі, пабегай, толькі апраніся

Ды, глядзі, ў палонку, сынку, не ўваліся.

Радасць і раздолле хлопчыку малому

І не пазайздросціць ён цяпер нікому!

На плячо – сякерку, саначкі – у руку,

Хлеба ўзяў акрайчык. – Цюцік! – свіснуў Жуку.

Пад скарынкай лёду тут жа, каля хаты,

Працякала рэчка скрозь лясныя шаты.

Побач той рачулкі кучы буралому,

І застыла рэчка мёртва, нерухома.

– Эй ты, лёд-гвалтоўнік! Што ты вытвараеш?!

Ты нашто вадзіцу крыўдзіш, ушчуваеш?

Дам ёй ход, дарогу, каб на свет зірнула!

І яго сякерка спрытна секанула.

Звякае сякерка, глуха стук нясецца.

Раптам клуб вадзіцы з-пада дна ўзаўецца.

Коціцца вадзіца, іней падымае

Ды такую казку-байку хлопцу бае!

На рачулцы ў лесе меў Алесь забаву.

Ну ж і пацяшаўся хлопчык тут на славу!

     Якуб Колас

Вершы Якуба Коласа аб вясне

«Песня аб вясне»

Уцякай, мароз-дзядуля!

Чуеш ты, стары, ці не?

На пагорках — булі-гулі! —

Песні чуюцца вясне.

Звоніць, скача, як дзіцятка,

Гэты жэўжык-ручаёк.

На яго, бы тая матка,

Сонца кідае свой зрок.

А ён, гучны і смяшлівы,

Так і ходзіць, аж дрыжыць,

І другі сябрук шчаслівы

Насустрэч яму бяжыць.

А зіма аж пачарнела —

Годзе ёй тут кросны ткаць!..

Гэй, маланства, жыва, смела

Выйдзем весну прывітаць!

 «Раніца вясною»

Ціха ў полі, ціха ў лесе,

Ані шэпне вецярок,

Толькі дзесь у паднябессі

Льецца звонкі галасок.

На ўсходзе бляск агністы

Літым золатам дрыжыць,

Слуп высокі, прамяністы

Роўным полымем гарыць.

Тонкіх хмарак валаконцы

Сталі хораша ў радок,

Як бы ўюць яны для сонца

З тых валоканцаў вянок.

Ціха ў полі, ціха ў лесе,

Чуць балбоча ручаёк,

А высока ў паднябессі

Льецца звонкі галасок.

ВЯСНА

Сонца грэе, прыпякае;

Лёд на рэчцы затрашчаў.

Цёплы вецер павявае,

Хмар дажджлiвых нам прыгнаў.

Вось i бусел паказаўся,

Гусi дзiкiя крычаць,

Шпак на дубе расспяваўся,

Жураўлi ужо ляцяць…

   Якуб Колас

Ой, зажурыўся, пане гаспадару, 
Хрыстос уваскрос на ўвесь свет. 
Як наляцела вялікая бура, 
Хрыстос уваскрос на ўвесь свет. 
Сады-прысады яго паламала,
Хрыстос уваскрос на ўвесь свет. 
Як буду жыці, як буду быці? 
Хрыстос уваскрос на ўвесь свет. 
Ой, не журыся, за працу бярыся.
Хрыстос уваскрос на ўвесь свет. 
Шчасця, дастатку ў вашую хатку!
Хрыстос уваскрос на ўвесь свет.

 

Валачобныя — людзі добрыя,
Хрыстос ўваскрэс, Сын Божы!
Валачыліся, намачыліся,
Зайшлі да бабкі — падсушыліся.
А была ў бабкі курачка-рабка,
Нанесла яечак поўны запечак.
А тая бабка — ўсім па яечку,
Адной сіраце ды не дасталася.
Пайшла тая сірата за новыя варата.
..... Вярніся, сірата, дам табе парася,
Дам табе парася і пару яец

Ды пару яец, каўбасы канец.
Вясна – красна на ўвесь свет.
Хрыстос уваскрэс!

Дай табе Божа, добры гаспадару,
Сыноў гадаваці й дамы будаваці.
Твае добрыя дзеткі як у полі кветкі,
А твая чэлядка весела і гладка.
Твой конь пасля працы, як жораб, скача.
Вядуцца хай цяляткі, авечкі і ягняткі,
Кароўкі, качкі, парасяты,
Куры і кураняты.
Твая ніва хай будзе ўрадліва:
Чаго ні пасееш — усяго займееш!

Добры дзень таму,
Хто ў гэтым даму!
Мы прыйшлі ў госці да вас,
Будзем добра бавіць час,
Жартаваць, гуляць,
Вялікдзень сустракаць.
Мы спяваем добра песні 
I гасцінцы вам прынеслі.