Пятрусь Броўка "Замалёўка"

Спявае лета над барамі,

Сасёнкі струнамі звіняць,

Гамоніць поле каласамі,

Шапоча ў кветках сенажаць.

 

Шумяць вятры ў гаях напеўна.

Адна рачулка ў чаратах

Бурчыць, варочаецца гнеўна,

Бы мулка спаць на камянях.

 

А можа, з навіны ў ахвоту,

Пакуль міне плацінаў строй,

Так напрацуецца да поту,

Што пара раніцой над ёй.



Ніна Галіноўская «Лета»

У сукенцы каляровай,

У хусцінцы васільковай

Ходзіць лета па палях,

Па расквечаных лугах.

 

Звоніць песняй жаўруковай

Кожны дзень званчэйшай, новай.

Дбайна сонечнае лета

Спеліць ягады для дзетак.

 

Любіць з імі забаўляцца.

Загараць, спяваць, купацца.

Дораць дзеці лету ўсмешкі,

Гульні, песні і пацешкі.

А расчуленае лета

Дорыць ім букеты кветак.

 

Якуб Колас «Летам»

Ну ж і волі, волі

У гаі за вёскай!

А цяплынь, цяплынь!

Весела на полі,

Слаўна пад бярозкай,

Хоць ты сядзь спачынь.

 

Пчолкі, матылёчкі,

Як сняжынкі тыя,

Мільгацяць вакол.

Жоўтыя пясочкі – 

Крупкі залатыя,

Хоць бяры ў прыпол.